Ярка, прыгожа, патрыятычна – астраўчане святкуюць Дзень Перамогі.
Ля помніка савецкім воінам і партызанам разгарнулася тэатралізаванае прадстаўленне. Літаральна за 10 хвілін давялося “перажыць” усе жахі вайны: нападзенне фашыстаў, канцэнтрацыйныя лагеры, спальванне і руйнаванне беларускіх вёсак і гарадоў, барацьбу на фронце, працу ў тыле… І “сустрэць” доўгачаканую Перамогу.
-- 9 Мая – дзень нашай агульнай памяці, дзень вялікага подзвігу, дзень нацыянальнай гордасці і славы. У Год міру і стварэння Дзень Перамогі набывае асаблівае значэнне: мы з асаблівай удзячнасцю ўспамінаем подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, схіляем галовы перад іх смеласцю, адвагай і мужнасцю і гаворым: дзякуй за ўсё, салдаты Вялікай Айчыннай! – адзначыў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін у прывітальным слове. – Дзякуй за мірнае неба над галавой, за магчымасць спакойна жыць і працаваць, гадаваць дзяцей і быць свабоднымі ў незалежнай краіне.
Пра жахі вайны і жорсткасць акупантаў як ніхто ведаюць франтавікі, былыя вязні, мірныя жыхары, чыё дзяцінства выпала на той час. На жаль, у раёне ўжо не засталося ў жывых ні аднаго ветэрана. І сёння важна перадаць памяць і ўрокі Вялікай Айчыннай вайны падрастаючаму пакаленню.
-- Сучасная моладзь добра разумее значэнне слова “Перамога”, яе здабыў шматнацыянальны савецкі народ. Мы не забудзем воінаў, якія абаранялі сваю зямлю; тых, хто здабываў перамогу ў тыле; хто пазней падымаў краіну з руінаў. Мы помнім, што ў нашай Беларусі загінуў кожны трэці жыхар; помнім, што былі зруйнаваны і спалены нашы гарады і пасёлкі; помнім, хто і як гэта ўсё зрабіў. Але нашы дзяды і прадзеды выстаялі -- і памяць пра гэта мы перадаём з пакалення ў пакаленне. Мы -- нашчадкі герояў Вялікай Перамогі, -- сказаў ад імя моладзі інжынер Беларускай АЭС Ягор Бурачонак.
І прагучалі залпы салютаў, у хвіліне маўчання кожны ўспомніў тых, дзякуючы каму сёння жыве, а да манумента ляглі сотні цюльпанаў, гваздзік і хрызантэм.
Урачыстым строем прайшлі навучэнцы ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства”, вайскоўцы вайсковай часці 7434 і органаў пагранічнай службы.
І зайграў ля помніка вальс – у ім закружыліся пары. І ўсе разам астраўчане праспявалі “Дзень Перамогі”!
Мы помнім! Мы ганарымся!
З першых вуснаў
Алег Слайкоўскі, камандзір 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка:
-- 78 гадоў назад па ўсім свеце праляцела вестка пра доўгачаканую Перамогу. Святочнымі салютамі яна ўвайшла ў кожны дом і сям’ю. З таго часу гэта свяшчэнная дата з’яўляецца сімвалам воінскай славы, мужнасці, гераізму і няскоранасці нашага народу.
Віталь Палянін, віцэ-прэзідэнт АТ “Атамбудэкспарт” – дырэктар праекта па будаўніцтве Беларускай АЭС:
-- Віншую ўсіх астраўчан, жыхароў і гасцей Астравеччыны з гэтым вялікім днём у нашай гісторыі. Асаблівую ўдзячнасць у чарговы раз выказваю кіраўніцтву раёна за арганізацыю такога душэўнага і прыгожага свята, пра якое нельга забываць. І тое, як гэта робіцца ў раёне, яшчэ адно пацвярджэнне нашай гістарычнай памяці. Мы ўдзячны нашым продкам за дзясяткі гадоў мірнага жыцця. Аднак, на жаль, ёсць у свеце тыя, хто не помніць гісторыі, хто не вынес з яе ніякіх урокаў. І ў чарговы раз мы бачым напал пачуццяў.
Мы ўдзячны тым, хто выстаяў у 1945-м і прынёс Перамогу, і тым, хто сёння аберагае нашы краіны і нашых дзяцей, каб жылі ў міры і спакоі. А мы будзем дапамагаць ім кожны на сваім працоўным месцы. І калі Радзіма скажа – пойдзем у бой за нашых дзяцей. Усіх са святам – з Днём Вялікай Перамогі!