Новости страны

Дзякуючы будаўніцтву ў нашым раёне Беларускай АЭС, пачаў пашырацца Астравец – 11 гадоў таму ён атрымаў статус горада. За гэты час тут з’явіліся новыя мікрараёны, гандлёвыя і харчовыя кропкі, спартыўныя і сацыяльныя аб’екты… – словам, гарадскі пасёлак змяніўся непазнавальна. Якія адмецінкі захавала памяць пра былы пасёлак, – дзеляцца астраўчане.

Статус горада Астравец атрымаў у красавіку 2012 года

ДРУГІ МІКРАРАЁН: ЗАМЕСТ ПОЛЯ ШМАТПАВЯРХОЎКІ

4.jpg

Непадалёк паліклінікі, на месцы, дзе ў савецкія часы размяшчаўся аэрадром, акружаны з некалькіх бакоў лесам, у 2011 годзе стаў будавацца 2-гі мікрараён – пачатак яму дала вуліца Аэрадромная, на якой з’явіліся сядзібныя дамы і шматпавярхоўкі. І далей «раслі» магазіны, кафэ, навучальныя і спартыўная ўстановы, пажарная часць… Неўзабаве за 2-м на карце горада ўзнік яшчэ адзін – 3-ці мікрараён. 

Словам, некалі канцавы пункт пасёлка пера­ўтварыўся амаль што ў яго цэнтр.

Ірына Мажанкова, карэнная астраўчанка,  добра памятае гэтыя мясціны:

44.jpg

– Я жыла ў трохпавярхоўцы на вуліцы Ленінскай. Канешне, і ў двары можна было гуляць, але на поле прыбягала з сяброўкай – па-першае, яе бабулі хата непадалёк стаяла, па-другое, прасторы больш, было дзе развярнуцца. І домікі мы тут рабілі, і нешта кшталту агародаў разбівалі – каб усё, як у дарослых. (Усміхаецца.)

Перад вачыма ўсплыло месца, дзе стаялі самалёты-кукурузнікі, часам сядалі верталёты – мне на іх не давялося праляцець, але яны не здаваліся нечым дзіўным. Ведаю, што самалёты тады былі альтэрнатывай міжгародняму транспарту, напрыклад, так можна было дабрацца да Гродна. Пазней на месцы аэрадрома з’явіліся агароды. 

У лес пад ветлячэбніцу (яна некалі была апошнім у гэтым накірунку будынкам на выездзе з Астраўца) хадзілі ў ягады…

А цяпер мая сям’я жыве ў гэтым мікра­раёне – 8 гадоў летам будзе, як кватэру атрымалі. Нашу шматпавярхоўку першай тут узвялі, навокал тады поўным ходам ішла забудова, таму не было ні пешаходных дарожак, ні дзіцячых пляцовак, а сёння паглядзіце, якая прыгажосць, як усё абуладкавана! 

Магазіны, школа, дзіцячы садок – усё ў крокавай даступнасці. І Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – таксама. Дарэчы, можна сказаць, ён пераехаў услед за намі. 

У стары будынак (цяпер цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання. – Заўв. аўт.), што стаіць у гарадскім скверы, хадзіла мая старэйшая дачка. А трое малодшых запісваліся на гурткі ўжо ў новым, больш прасторным, па-сучаснаму абсталяваным… Радуе, што для дзяцей стварылі такія добрыя ўмовы, але асабліва цешыць, што ў новых сценах працуюць такія ж, як і былі, педагогі – клапатлівыя, таленавітыя, з шырока адкрытай да нашых дзетак душой.

 

ДЗІЦЯЧЫЯ САДЫ: МЕСЦАЎ ХАПАЕ ЎСІМ

2.jpg

У горад прыбывала шмат работнікаў на будоўлю Бел­АЭС, шмат хто ехаў з сем’ямі – гэта выклікала «дэфіцыт» месцаў у дашкольных навучальных установах. Многія мамы з татамі, думаю, прыгадаюць час, калі ўладкаваць дачку ці сына ў яслі-сад было праблематычна з-за перапоўненасці груп. Бацькам прапаноўвалі, як варыянт, аддаць малое ў сельскі дзіцячы садок, які размяшчаўся ў бліжэйшым населеным пункце ад Астраўца. Аднак недахоп месцаў быў не адзінай праб­лемай – востра паўстала пытанне рэжыму работы дашкольных устаноў: мамы з татамі, якія працавалі на будаўніцтве атамнай станцыі, у час, калі садок пачынаў прымаць дзяцей, ужо павінны былі быць у дарозе на працу. У 2015-м у 1-м мікрараёне Астраўца адкрылі новы садок, потым яшчэ і яшчэ… 

Пра тое, што змянілася за гэты час, расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Алена Васільчык, якая курыруе дашкольную галіну:

22.jpg

– Так званага дэфіцыту мес­цаў сёння не існуе, і тэма пера­напоўненасці груп таксама ўжо неактуальная. 

За апошнія 9 гадоў пабудавана 4 дашколь­ныя ўстановы, 3 – на 190 месцаў, 1 – на 230. Пры гэтым быў зачынены дзіцячы сад «Дубок» (яго перарабілі пад інтэрнат для медыкаў) – стары будынак не адпа­вядаў санітарна-гігіенічным нормам.

Цяпер у горадзе працуе 5 дзіцячых садоў і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці – іх на­ведвае 1 082 малышы. Гэтыя навучальныя ўстановы акрамя стацыянарных груп прапаноўваюць бацькам і альтэрнатыўныя варыянты: групу кароткачасовага знахо­джання, атрыманне дзіцям дашкольнай адукацыі дома, мацярынскую школу, вячэр­нія групы. Для дзяцей, бацькі якіх рана выходзяць на работу (нагадаю, што рэжым работы садка з 7.30), адкрыты з 7-мі раніцы дзяжурныя групы.

Не гавару ўжо пра тыя ўмовы, якія створаны ў новабудоўлях. Да прыкладу, гадоў 15 таму ні педагогі, ні бацькі не марылі, што ў дзіцячых садках будуць басейны. 

Матэрыяльна-тэхнічная база дашкольных устаноў папаўняецца не толькі за кошт бюджэту, з якога выдзяляюцца дастаткова вялікія грошы, але і за кошт прыцягнення дзіцячымі садамі дадатковых сродкаў – у прыватнасці шляхам удзелу ў конкурсе дабрачынных праектаў АТ ІК «Атамбудэкспарт». Выйграныя такім чынам гранты – добрая падмога. 

ГАРАДСКІ ТРАНСПАРТ: ЭКАНОМНАЯ ЗРУЧНАСЦЬ

5.jpg

У студзені 2017 года раённая газета паведаміла чытачам, што на лінію выйшлі першыя гарадскія аўтобусы. Пайшлі яны, праўда, не па ўсім гора­дзе, а па самых густанаселеных і часта наведваемых яго кропках. Ды і хібаў па першасці хапала: то з раскладам жыхары не маглі раза­брацца, то прыбываў транспарт не ўпару, то перыядычнасць руху па маршруце была нязручнай – пакуль усё ўвайшло ў сваё рэчышча. Але сам факт, што гэта ўвогуле адбылося ў Астраўцы, які яшчэ з дзясятак гадоў да таго можна было абысці ўздоўж і ўпоперак за гадзіну, – стаў не проста падзеяй, а эканомнай зручнасцю.

Аляксандр Дзенісенка пераехаў у Астравец 3 гады таму. Мужчына раней часта бываў у нашым горадзе, бачыў яго развіццё – і тое, што па вуліцах пачалі курсіраваць аўтобусы лічыць заканамернасцю:

55.jpg

– Да будоўлі атамнай станцыі Астравец быў невялічкім пасёлкам і ў гарадскім транспарце сапраўды не было неабходнасці. 

Што тычыцца дня сённяшняга, горад хоць і пашырыўся, але ён кампактны – і пад расклад маршруту зручна падстройвацца. Да прыкладу, мне на работу на 8 раніцы, у 7.30 на аўтобусе ад’язджаю з прыпынку – 10 хвілін – і я на месцы. Хоць і пешшу, калі добрае надвор’е, прагуляцца можна – за 19 хвілін упраўляюся. 

Дзецям на гарадскім транспарце таксама зручна ў школу дабірацца. 

І яшчэ адзін важны момант – гэта эканомія сродкаў і часу ў параўнанні з уласным аўто: зімой жа на машыне адразу не выправішся – яе трэба прагрэць, а тут выйшаў на прыпынак – і паехаў. (Усміхаецца.) 

Нядаўна ў аўтобусах з’явіліся кампостары – гэта проста цудоўна! Бо іншы раз даводзілася на дварэ чакаць чаргі, пакуль вадзіцель, ён жа кандуктар, абслугоўваў пасажыраў.

Думаю, камфорт ад з’яўлення гарадскога транспарту адчулі многія астраўчане, 

асабліва ў каго дзеці школьнікі. 

Канешне, нельга сцвярджаць, што выключна ўсім зручна і блізка дайсці да бліжэйшай кропкі адпраўлення. Да прыкладу, з вуліцы Кавалі да цэнтра далекавата. Але паціху ў горадзе будуюць новыя прыпыначныя пункты, у тым ліку і ў накірунку тых самых Кавалёў – будзем спадзявацца, аўтобусны маршрут хутка праляжа і туды.

СПАРТЫЎНЫЯ АБ’ЕКТЫ: МАРЫ ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА

03.jpg

Гадоў 15 таму асноўнымі месцамі першых урокаў па плаванні для юных астраўчан былі мальскі стаў і Янаўская ГЭС. Асабліва шчасціла дзецям, калі настаўнікі везлі іх арганізавана ў басейн у Смаргонь альбо ў Маладзечна. Я ўжо не кажу пра тое, каб у школьнай праграме стаяла гэта дысцыпліна – базы не было. Але ў 2018 годзе сітуацыя кардынальна змянілася: у горадзе атамшчыкаў на новай вуліцы Кветкавай адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комп­лекс. А ў ім – і басейн, і трэнажорныя залы, і лазня, і саўна, і цырульня… Словам, марылі некалі хаця б пра басейн, а тут цэлая казка! На гэтым падарункі-новабудоўлі для аматараў фізкультуры і спорту не скончыліся: спартыўна-аздараўленчы комплекс, сучасны стадыён, вяровачны гарадок – і гэта далёка не ўсё.

Арцём Рагавенка, выхаванец трэнера па боксе Аляксея Маргужа, рады такому развіццю спартыўнай базы:

33.jpg

– Пакуль вучыўся, многае змяні­лася ў маім родным горадзе – часам і не пазнаць былога Астраўца. (Усміхаецца.) Асабліва задаволены, што і ў Аляксея Зяно­навіча цяпер з’явілася месца, дзе можна нармальна працаваць, – яму аддалі памяшканне былой спартзалы завода «Радыёдэталь». Калі я займаўся, быў «лапік» з рынгам і спарт­інвентаром у невялічкай зале (яе мы дзялілі з лёгкаатлетамі) у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. 

Уражваюць і радуюць добра абсталяваныя аздараўленчыя комплексы – што называец­ца, на любы густ. Ажно два басейны – плавай на месцы, нікуды ехаць не трэба. Пляцоўку лядовую хутка адкрыюць – катайся ў задавальненне па дагледжаным пакрыцці, гэта не на каробцы ля другой школы ці рэчцы па вышчарбленым лёдзе ганяць. (Смяецца.)

У лесапаркавай зоне вунь цэлы спартыўны гарадок вырас! Асобна футбольныя, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі зроблены. 

Помню, былы стадыён: месца для гле­да­чоў пад адкрытым небам і звычайнае поле – «газон» з купінамі ці ямінамі – ногі павыкручваць можна было, у футбол гуляючы.  А цяпер якаснае пакрыццё, трыбуны, асвятленне… – любата! У САК «Імпульс» штотыдзень на заняткі хаджу і ў трэнажорку. З калегамі прыходзім на стадыён нарматывы здаваць.

Што там казаць, толькі марыць мог пра такую базу ў маім Астраўцы – ажно ж яна і з’явілася: мары здзяйсняюцца. (Усміхаецца.)


Новости компании